Вынікі семінара па пытаннях праектнай дзейнасці і развіцця вясковых тэрыторый

Пачатак вясны зноў стаў для жыхароў Брагінскага раёна часам ведаў і новых ідэй. З 1 па 5 сакавіка 26 удзельнікаў сямейных клубаў, якія дзейнічаюць ужо не толькі ў Брагінскім, але і ў Лоеўскім раёнах, прымалі ўдзел у рабоце чацьвертага навучальнага семінара «Сямейныя клубы і сацыяльна-эканамічнае развіццё рэгіёна».

Мэтай семінара, які праводзіўся ў межах праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі «Развіццё патэнцыяла сеткі сямейных клубаў у Чарнобыльскім рэгіёне з мэтай паляпшэння сацыяльна-эканамічнай сітуацыі», што фінансуецца Еўрапейскім саюзам і реалізуецца грамадскай арганізацыяй «Беларускі зялёны крыж», было азнаямленне прадстаўнікоў сямейных клубаў з перадавым рэспубліканскім вопытам у сферы развіцця вясковых тэрыторый, развіццё і замацаванне навыкаў работы ў камандзе і складання праектных заявак, накіраваных на вырашэнне мясцовых праблем.

Праграму семінара можна падзяліць на некалькі блокаў: псіхалагічны, праектны і прысвечаны сельскаму бізнэсу.

Псіхалагічны быў прысвечаны рабоце ў камандзе, падвышэнню самаацэнкі, асэнсаванню працэса нараждэння ідэй. Пад уважлівым кіраўніцтвам псіхолага, выкладчыка Інстытута інтэгратыўнай псіхадрамы Дзіны Панятоўскай удзельнікі семінара займаліся самапазнаннем і самапрэзентацыяй, асэнсоўвалі сваю ўнікальнасць, вучыліся прапаноўваць свае навыкі і фармуляваць свае патрэбы. Ужо падчас першага трэнінга - узаемнай прэзентацыі - стала зразумела, што шмат хто з удзельнікаў разумее патрэбы свайго рэгіёна і гатовы іх задаволіць. Аднак часта ім не хапае ўпэўненасці ў сабе і рашучасці, каб пачаць працэс пераўтварэнняў. Па словах брагінцоў, прапанаваны псіхалагічны трэнінг дапамог ім раскрыцца, знайсці аднадумцаў, паверыць у магчымасць здзяйснення сваіх ідэй. Псіхолаг Дзіна Панятоўская, каментуючы трэнінг, адзначыла, што для многіх гэтыя заняткі, магчыма, стануць адпраўной кропкай для больш глыбокага самапазнання і для актыўнай самарэалізацыі, што, у сваю чаргу, дапаможа змяніць жаццё мясцовай супольнасці да лепшага.

Блок, прысвечаны сельскаму бізнесу, праходзіў у Смаргонскім раёне, дзе ў гэты час праводзіўся Нацыянальны сельскі бізнэс-форум. Прадстаўнікі Брагінскага, Лоеўскага і Кармянскага раёнаў з цікавасцю пазнаёміліся з вопытам арганізацыі бізнэса на вёсцы ў заходніх рэгіёнах Беларусі. Апроч насычанай праграмы форум уключаў мноства экскурсій і наведванняў розных бізнэс аб'ектаў. У прыватнасці, пабывалі ў некаторых аграсядзібах, пазнаёміліся са школьнай бізнэс-ініцыятывай, прайшліся сцяжынамі Першай сусветнай вайны, даведаліся, што такое бюро віртуальных экскурсій, наведалі Крэўскі блок класцера і Музей-сядзібу М.К. Агінскага ў Залессі. Выказваючы свае ўражанні пра форум, кіраўнік сямейнага клуба "Сад мары" і гаспадыня сядзібы "Вішанька" Жанна Чубса адзначыла, што, пабыўшы на форуме, яна зацвердзілася ў думцы пра неабходнасць рыхтаваць для турыстаў культурную праграму: "Нават калі ў раёне не захаваліся архітэктурныя помнікі і няма спецыяльных турыстычных аб'ектаў, усё роўна можна нешта прыдумаць, каб турыст не проста адпачыў, але культурна адпачыў - экскурсію, спектакль. Зразумела, што я не змагу зрабіць усё сама, таму трэба аб'ядноўвацца, шукаць падтрымку ў іншых клубах, установах культуры, школах. Усе разам мы зможам зрабіць шмат".

Па словах прадстаўніка Лоеўскага раёна, супрацоўніка "Музея бітвы за Днепр" і ўдзельніцы сямейнага клуба "Нашчадкі Лоя" Ксеніі Сямашка было "карысна паглядзець на практыцы, як маленькія ініцыятывы, напрыклад, школы, дамы творчасці, робячы адносна невялікую працу, уносяць нешта сваё ў работу аб'яднання". На жаль, як адзначыла Ксенія, з расказанага і паказанага ўнутраны лад класцера не зусім быў зразумелы, але яна спадзяецца, што прапанаваныя метадычныя рэкамендацыі дапамогуць разабрацца. Самым галоўным вынікам для Ксеніі стала тое, што "сфарміравалася агульнае прадстаўленне, што ўсе малыя часткі можна аб'яднаць, што называецца, пад адзін дах для вырашэння агульнай мэты - прыцягненне турыстаў, дадатковы заробак і занятасць мясцовых".

Шмат хто на гэтым форуме займеў карысныя кантакты, з якімі, трэба спадзявацца, завяжуцца добрыя партнерскія зносіны ў будучыні.

Трэці блок, які праводзіўся кансультантам ініцыятывы "Дом узаемаразумення" Юліяй Станкевіч, быў прысвечаны напісанню праектых заявак. Двухдзенны трэнінг уключаў тэарэтычную і практыка-дыскусійную часткі. У першую ўвайшлі разбор такіх паняццяў як "донар", "грант", "праект", "ініцыятыва", знаёмства з асноўнай структурай заяўкі, яе абавязковымі пунктамі, існуючымі крытэрыямі адбору праектаў. Практыка-дыскусійная частка заключалася у складанні ўласных заявак, на прыкладзе якіх удзельнікі семінара больш дакладна і ясна змаглі зразумець, што такое праблема, на вырашэнне якой накіраваны праект, хто прадстаўляе мэтавую аўдыторыю, што з'яўляецца мэтай, якія могуць быць задачы, што ўключае план мерапрыемстваў, як разлічыць бюджэт праекта і як ацаніць эфектыўнасць вынікаў. Падчас абмеркавання кожнага праекта, выявіліся пэўныя нюансы, напрыклад, неабходнасць ясна апісаць праблему або дакладна вызначыць мэтавую аўдыторыю. У выніку, падчас трэнінга баргінцы "пражылі" увесь праектын цыкл ад нараджэння ідэі да ацэнкі эфектыўнасці вынікаў. У фінале трэнінга Юлія Станкевіч прапанавала удзельнікам паставіць сябе на месца донараў і ацаніць падрыхтаваныя ёй праектныя нарыхтоўкі. Гэта дазволіла лепш зразумець, на што арыентуюцца экспертныя камісіі пры адборы праектаў для фінансавання. Па выніках трэнінга адна з удзельніц, супрацоўнік брагінскага музея і ўдзельніца сямейнага клуба "Натхненне" Алеся Музычэнка адзначыла: "Самае галоўнае, напэўна, зразумець, што сабой прадстаўляе праект, як правільна аформіць дакументы, як не заблытацца ў значэннях, як прапісаць усё лагічна і не губляючы сувязі з рэальным светам. Асабіста для сябе я зразумела, што напалеонаўскія планы здзяйсняць не трэба і, чым прасцей ідэя, тым яна больш зразумелая і табе самому, і навакольным людзям, а значыць яна больш жыццяздольная ў прынцыпе".

Напружаныя працоўныя дні скончваліся творчай разрадкай. Культурная праграма семінара ўключала наведванне канцэрта Нацыянальнага акадэмічнага народнага хора Рэспублікі Беларусь імя Г.І. Цітовіча, сустрэчу з даследчыкам традыцыйнай культуры, музыкам Раманам Ярашам, а таксама падрыхтоўку невялікай музычна-тэатральнай пастаноўкі на народную пенсю "Я ж тэбэ підманула" пад кіраўніцтвам барда Аллы Бяляўскай.

Падводзячы вынікі, можна сказаць, што сярод усіх семінараў, якія праводзіліся за час праекта, гэты стаў адным з найбольш прадуктыўных. Удзельнікі атрымалі неабходныя веды і навыкі ў галіне праектнай дзейнасці, пазнаёміліся з вопытам арганізацыі бізнэса і бізнэс аб'яднанняў на вёсцы. Акрамя таго, шмат для каго семінар стаў стартам для з'яўлення і афармлення ўласных ідэй, якія, можна спадзявацца, будуць рэалізаваны ў раёне.

Глядзець фотарэпартаж